Таямнічыя замкі і радавыя сядзібы, цудоўныя храмы і манастыры, унікальныя куткі некранутай прыроды, старадаўнія інжынерныя збудаванні, цікавыя музеі і этнаграфічныя вёскі, родныя мясціны знакамітых мастакоў, пісьменнікаў і вучоных... Колькі цікавых мясцін ёсць у Брэсцкай вобласці! Падарыце сабе і сваім дзецям незабыўныя ўраджанні ад наведвання гэтых гасцінных куточкаў нашай Радзімы.
Брэст
Горад Бярэсце, што раскінуўся над Бугам, упершыню быў згаданы ў "Аповесці мінулых гадоў" у 1019 годзе. На працягу стагоддзяў Брэст, які называюць заходнімі варотамі Беларусі, не раз станавіўся часткай розных дзяржаў, разбураўся і аднаўляўся зноў: адсюль яго "насычанасць" сведчаннямі розных эпох – ад старажытнага гарадзішча Бярэсця да захаваных будынкаў імперскага Брэст-Літоўска, польскага Брэста-над-Бугам.
Сёння горад – любімае месца турыстаў. "Візітнымі карткамі" сталі пабудаваны па загадзе Аляксандра ІІ чыгуначны вакзал, які лічыўся буйнейшым і прыгажэйшым у Расійскай імперыі; мясцовы "Арбат" пешаходная Савецкая з яе нязменным ліхтаршчыкам, які запальвае старадаўнія газавыя ліхтары; вуліца Гогаля, дзе можна сустрэць мноства персанажаў з бяссмертных твораў класіка; помнік Тысячагоддзя Брэста – кругавы гарэльеф з рэальнымі гістарычнымі асобамі і абагульненымі вобразамі жыхароў горада пад покрывам Анёла-ахоўніка; музей чыгуначнай тэхнікі, адкрыты пасля рэканструкцыі ў дзень 999-годдзя Брэста.
Брэсцкая крэпасць-герой
У пачатку Вялікай Айчыннай вайны галоўная цытадэль Беларусі першай прыняла ўдар і 28 дзён стрымлівала націск нямецка-фашысцкіх захопнікаў. У гонар абаронцаў крэпасці быў узведзены грандыёзны мемарыяльны комплекс, у цэнтры якога ўстаноўлены манумент "Мужнасць" вышынёй 33,5 м з выявай воіна і сцяга. Унікальны архітэктурна-скульптурны ансамбль пад адкрытым небам расказвае аб падзеях гераічнай абароны. Тут можна ўбачыць 100-метровы штык-абеліск – сімвал перамогі над ворагам, ушанаваць памяць загінулых на плошчы Цырыманіялаў, наведаць музей абароны Брэсцкай крэпасці, пабываць на месцы аднаго са старадаўніх каменных будынкаў старога Брэст-Літоўска – Белага палаца.
На тэрыторыі крэпасці ў 1851-1876 гадах быў пабудаваны Свята-Мікалаеўскі гарнізонны сабор – велічная базіліка ў візантыйскім стылі, адзін з самых прыгожых храмаў у цэнтры Еўропы. У пачатку вайны ён стаў важным пунктам абароны крэпасці.
Брэст, Мемарыяльны комплекс "Брэсцкая крэпасць-герой"
Музей адкрыты з 9.00 да 18.00, выхадны – панядзелак. Экскурсіі па тэрыторыі – штодзённа.
Археалагічны музей "Бярэсце"
Адзіны ў Еўропе музей сярэдневяковага ўсходнеславянскага горада размешчаны на тэрыторыі Брэсцкай крэпасці, дзе шмат стагоддзяў таму да яе з'яўлення зарадзіўся старажытны горад Бярэсце. У 1968 годзе на 4-метровай глыбіні вучоныя выявілі рамесны квартал – дзясяткі драўляных пабудоў XI-XIII стст., вулічныя маставыя і частакол, рэшткі глінабітных печаў. Сёння ва ўнікальным музеі, дзе над раскопам старажытнага пасялення пабудаваны павільён, можна ўбачыць археалагічныя знаходкі XI-XIV стагоддзяў, што расказваюць аб жыцці славянскага горада, развіцці рамёстваў і гандлю, побыце жыхароў. Сярод іх і абсалютна ўнікальныя артэфакты: дубовае рала земляробаў, самшытавы грэбень з выразанымі літарамі кірыліцы…
Брэсцкая крэпасць, Шпітальны востраў
З 10.00 да 18.00 (сакавік – кастрычнік, без выхадных), з 10.00 да 17.00 (лістапад – люты, выхадныя – панядзелак, аўторак)
Брэсцкі чыгуначны вакзал
Першы вакзал у Брэсце з'явіўся ў 1886 годзе, і ўжо хутка пасля адкрыцця будынка – 29 жніўня – імператар Аляксандр III і яго сын Мікалай сустракалі тут наследніка германскага прастола прынца Вільгельма. Уражальнае збудаванне з велічнымі аркамі і зубцамі нагадвала крэпасць, размешчаную на востраве. Брэсцкі вакзал заслужана лічыўся самым прыгожым і зручным у Расійскай імперыі і быў першым, дзе з'явілася электрычнае асвятленне (1888). Пасля рэканструкцыі ў савецкі час будынак увянчалі шпіль і пяціканцовая зорка, якія сталі сапраўднай візітнай карткай горада.
У чэрвені 1941 года работнікі вакзала нараўне з воінамі Брэсцкай крэпасці дзевяць дзён мужна трымалі абарону будынка, знаходзіліся ў падвалах, падобных на лабірынт.
Брэст, плошча Прывакзальная, 1
Сядзіба Нямцэвічаў у вёсцы Скокі
Цудоўная сядзіба ў стылі барока пабудавана ў 1770-я гады па заказе прадстаўніка старадаўняга роду Марцэлія Нямцэвіча. Пазней гаспадаром стаў яго сын – пісьменнік, гісторык і грамадскі дзеяч Юльян Нямцэвіч, які служыў ад'ютантам Тадэвуша Касцюшкі і прымаў удзел у складанні першай Канстытуцыі ў Еўропе. У знакамітай сядзібе бывалі Аляксандр III, Тадэвуш Касцюшка, мастак Напалеон Орда, паэт Адам Міцкевіч. У час Першай сусветнай вайны ў палацы знаходзілася стаўка Леапольда Баварскага, які камандаваў Усходнім германскім фронтам… Пасля маштабнай рэстаўрацыі ў гісторыка-мемарыяльным музеі "Сядзіба Нямцэвічаў" адноўлены палацавыя пакоі, музычна-мастацкі салон, зброевы пакой.
Рэзідэнцыя Нямцэвічаў адыграла ключавую ролю ў сусветнай гісторыі: 15 снежня 1917 года тут было падпісана ваеннае перамір'е, а пазней адбылося першае пасяджэнне па арганізацыі перагавораў аб знакамітым Брэст-Літоўскім міры, які быў заключаны 3 сакавіка 1918 года ў Белым палацы Брэсцкай крэпасці.
Сёння сядзіба Нямцэвічаў запрашае гасцей на экскурсіі, балі і літаратурна-мастацкія вечары. У снежні тут праходзіць Міжнародны фестываль ваенна-гістарычнай рэканструкцыі "Скокі", прысвечаны падзеям Першай сусветнай вайны.
Брэсцкі раён, в. Скокі, вул. Міру, 50
11.00 – 19.00 (серада – нядзеля), выхадныя – панядзелак, аўторак
Белавежская пушча
Легендарная Белавежская пушча – адзін са старэйшых запаведнікаў у свеце, буйнейшая з захаваных частак вялізнага рэліктавага лесу Еўропы, які шмат стагоддзяў таму распасціраецца ад Балтыйскага мора да Буга і ад Одэра да Дняпра. Унікальная прыродная тэрыторыя, якая аб'ядноўвае Беларусь і Польшчу, уключана ў Спіс сусветнай спадчыны ЮНЕСКА. Акрамя таго, Белавежская пушча – самы вялікі з чатырох нацыянальных паркаў Беларусі (плошча складае амаль 153 тысячы га). У 1993 годзе ён атрымаў статус біясфернага запаведніка, у 1997 г. узнагароджаны дыпломам Савета Еўропы як адна з эталонных прыродаахоўных устаноў на кантыненце.
У 2009 годзе Беларусь адзначала 600-годдзе ўстанаўлення запаведнага рэжыму ў Белавежскай пушчы. Да нашых дзён тут захавалася дзікая прырода, унікальная па біяразнастайнасці, колькасці рэдкіх відаў флоры і фаўны. Сярод іх і сімвал краіны зубр – самае цяжкае і вялікае наземнае млекакормячае Еўропы, апошні еўрапейскі прадстаўнік дзікіх быкоў.
Брэсцкая вобласць, Камянецкі раён, в. Каменюкі
Белавежскія зубры
Галоўнае багацце знакамітай пушчы – другая па велічыні папуляцыя зуброў белавежскай лініі на планеце. Яшчэ ў 1926 годзе ў свеце налічвалася ўсяго 52 еўрапейскія зубры, з іх у выратаванні віду ад поўнага знікнення ўдзельнічала толькі шэсць асобін белавежскай лініі. А сёння Беларусь з'яўляецца другой дзяржавай па колькасці гэтых велічных "сучаснікаў" мамантаў і шарсцістых насарогаў: у краіне амаль 1200 з 4,5 тысячы зуброў планеты. У беларускіх лясах жывуць 9 мікрапапуляцый: самая вялікая белавежская (460), барысаўска-бярэзінская, азяранская, найдзянская, ляскавіцкая, асіповіцкая, палеская, налібоцкая і азёрская. У рамках праграмы Саюзнай дзяржавы "Дарожная карта для зубра" на 2014 – 2018 гады ў Белавежскай пушчы ствараецца зубрагадавальнік еўрапейскага ўзроўню.
Менавіта зубр стаў талісманам праведзенага ў Мінску чэмпіянату свету па хакеі-2014.
Сядзіба Дзеда Мароза
У старадаўнім запаведным лесе знаходзіцца яшчэ адна выдатная мясціна краіны – рэзідэнцыя беларускага Дзеда Мароза. Драўляныя домікі, упрыгожаныя ажурнай разьбой, арыгінальныя скульптуры чароўных персанажаў, і, вядома, самі казачныя героі, якія сустракаюць гасцей – усё гэта стварае атмасферу навагодняга цуду. Тут можна дапамагчы Снягурачцы ўзбіць падушкі ў доме Дзеда Мароза, пабываць на Чароўным млыне, які ператварае дрэнныя ўчынкі ў пыл, раскрыць сакрэт вырабу сняжынак у майстэрні Матухны Зімы, наведаць Музей ледзянога побыту, а таксама павадзіць карагоды.
Рэзідэнцыя Дзеда Мароза ў Белавежскай пушчы адкрыта круглы год.
Брэсцкая вобласць, Белавежская пушча
9.00 – 18.00
Камянецкая вежа
700-гадовая вежа-данжон, якую часта называюць Белай вежай – пазнаваемы архітэктурны сімвал Беларусі. Слуп вышынёй 30 м з магутнымі сценамі, вузкімі байніцамі і прамавугольнымі зубцамі пабудавалі ў другой палавіне XIII стагоддзя згодна з загадам князя Уладзіміра Васількавіча для ўмацавання граніц Галіцка-Валынскіх зямель. За сваю гісторыю вежа не аднойчы вытрымлівала аблогі крыжаносцаў і татар, станавілася месцам баёў войскаў князёў-суседзяў. І сёння гэта адзінае ўцалелае збудаванне такога тыпу ў Беларусі. Камянецкая вежа размешчана ўсяго за некалькі кіламетраў ад пачатку Белавежскай пушчы, аднак зусім не яна, пабудаваная з чырвонай цэглы, дала назву знакамітаму лесу.
Каля падножжа вежы ўстаноўлены бронзавы помнік заснавальніку горада Камянца князю Уладзіміру Васількавічу і жывёле-сімвалу Белавежжа – зубру.
Брэсцкая вобласць, г. Камянец
10.00 – 18.00, выхадныя – панядзелак і аўторак
Дуга Струвэ
Геадэзічная Дуга Струвэ – унікальны помнік гісторыі і навукова-тэхнічнай думкі XIX стагоддзя, названы ў гонар астранома і матэматыка, першага дырэктара Пулкаўскай абсерваторыі Васіля Якаўлевіча Струвэ (Фрыдрыха Георга Вільгельма Струвэ). Пад кіраўніцтвам вучонага на працягу амаль 40 гадоў быў створаны самы працяглы (2820 км) і дакладны геадэзічны "інструмент" у свеце, які складаецца з 265 трыянгуляцыйных пунктаў у 10 краінах Еўропы. У Беларусі захавалася самая вялікая колькасць аб'ектаў Дугі Струвэ – 19 (паводле гістарычных даных, на тэрыторыі краіны быў закладзены 31 каменны куб), з іх 5 уключаны ў Спіс сусветнай спадчыны ЮНЕСКА: у Брэсцкай вобласці – пункты Лескавічы, Асаўніца і Чакуцк, у Гродзенскай вобласці – Лапаты і Тупішкі.
Брэсцкая і Гродзенская вобласці
Ружанскі замак
Старажытная рэзідэнцыя магутнай дынастыі Сапегаў прываблівае гасцей рамантычнай атмасферай. У 1770-я гады па заказе князя Аляксандра саксонскі архітэктар Ян Самуэль Бекер ператварыў непрыступную крэпасць у вытанчаны ансамбль з садамі, паркамі і аранжарэямі. Ружанскі палац славіўся вельмі багатай бібліятэкай і цудоўнай карціннай галерэяй, адным з лепшых у Еўропе тэатраў. Замак перажыў некалькі войнаў, таму ў нашы дні тут вядзецца рэстаўрацыя. Для турыстаў даступны адноўленыя цэнтральныя ўязныя вароты (брама) і бакавыя флігелі, экспазіцыя музея "Палацавы комплекс Сапегаў", дзе можна ўбачыць аўтэнтычныя прадметы і элементы інтэр'ера з пакояў знакамітых уладальнікаў.
Кожны год на тэрыторыі палацавага комплексу праходзіць гістарычны фестываль "Ружанская брама".
Брэсцкая вобласць, Пружанскі раён, г. п. Ружаны
Музей-сядзіба "Пружанскі палацык"
Мініяцюрны палац з незвычайнай асіметрычнай архітэктурай – адзіная ў Беларусі адноўленая сядзіба ў стылі мадэрн – адметнасць горада Пружаны. Цудоўная віла была пабудавана ў сярэдзіне XIX стагоддзя дзякуючы ўладальнікам маёнтка Валенцію і Гермініі Швыкоўскім. Па праекце розныя аб'ёмы памяшканняў гарманічна злучыліся ў адным ансамблі – з вежай у цэнтры фасада, вокнамі (ад маленькіх і вузкіх да шырокіх венецыянскіх), балконамі і раскошнай тэрасай. Сядзібу акружаў парк, а побач размясцілася экзатычная аранжарэя. Сёння госці музея-сядзібы "Пружанскі палацык" могуць убачыць інтэр'еры шляхецкага дома ХIХ стагоддзя: салон, кветкавая зала, паляўнічы кабінет…
У музеі-сядзібе часта праходзяць мастацкія вернісажы і выстаўкі, музычна-літаратурныя вечары.
Брэсцкая вобласць, г. Пружаны
10.00 – 18.00, выхадныя – панядзелак, аўторак
Палац Пуслоўскіх у Косаве
За казачную прыгажосць і асаблівую вытанчанасць неагатычны замак у Косаве называлі "рыцарскай мрояй". На працягу стагоддзяў ім валодалі ўплывовыя дынастыі: Храптовічы, Сангушкі, Флемінгі, Чартарыйскія, Сапегі. Але "залаты век" маёнтка надышоў у часы багатага прамыслоўца графа Вандаліна Пуслоўскага, які першым у Беларусі ўкараніў у вытворчасць паравую машыну. Косаўскі палац праславіўся раскошнымі заламі і цудоўным паркам, у якім раслі больш як 150 відаў экзатычных раслін. У замку налічвалася больш як 100 пакояў, самым дзіўным з якіх была Парадная зала, дзе, паводле падання, прама пад шкляной падлогай плавалі рыбкі.
Яшчэ адна легенда гаворыць, што паміж Косаўскім палацам і рэзідэнцыяй Сапегаў у Ружанах існаваў падземны тунэль даўжынёй 25 кіламетраў, па якім магла праехаць карэта з коньмі.
Брэсцкая вобласць, Івацэвіцкі раён, г. Косава
Музей-сядзіба Тадэвуша Касцюшкі
Недалёка ад горада Косава ва ўрочышчы Мерачоўшчына знаходзіцца малая радзіма нацыянальнага героя Беларусі, Польшчы і ЗША, ганаровага грамадзяніна Францыі Тадэвуша Касцюшкі. Некалі маёнтак захаваўся дзякуючы намаганням графаў Пуслоўскіх, якія ў 1857 годзе адрэстаўрыравалі яго і заснавалі музей знакамітага земляка. У гады Вялікай Айчыннай вайны дом згарэў, і толькі ўжо ў наш час быў адноўлены на фундаменце старога будынка. Сёння тут можна ўбачыць інтэр'еры эпохі, калі жыў Касцюшка, прадметы быту, адзенне і зброю – шаблі, муляжы пісталетаў, ядры і кулі, копію сярмягі, у якой ваяваў герой…
Брэсцкая вобласць, Івацэвіцкі раён, г. Косава, урочышча Мерачоўшчына
Музей-сядзіба "Завоссе"
Дом-музей у Навагрудку – не адзінае мемарыяльнае месца, звязанае з жыццём Адама Міцкевіча ў Беларусі. Будучы паэт нарадзіўся ў сямейным уладанні – фальварку Завоссе – напярэдадні каляд у 1798 годзе, а праз два стагоддзі тут адкрылася сядзіба-музей. Шляхецкі двор XVIII-ХIХ стст. аднавілі на старадаўніх фундаментах па захаваных малюнках сябра Міцкевіча Напалеона Орды і выкладчыка Навагрудскай гімназіі Эдуарда Паўловіча. У цэнтры – гаспадарчы дом з чарацяной страхой, побач – кветнікі, сажалка з лазняй на беразе, двухпавярховы свіран з летнім пакоем маладога паэта, сельскагаспадарчыя пабудовы. Асновай экспазіцыі стала знакамітая паэма Міцкевіча "Пан Тадэвуш", дзякуючы апісанням з якой і сапраўдным рарытэтам госці могуць убачыць, як жыла шляхецкая сям'я некалькі стагоддзяў таму. Дзяцінства і маладосць у Завоссі і Навагрудку, першае каханне і першыя паэтычныя радкі, знаёмыя з юных гадоў беларускія легенды і традыцыі, хараство роднай прыроды – усё гэта Адам Міцкевіч так таленавіта і тонка захаваў у сваіх творах…
Брэсцкая вобласць, Баранавіцкі раён, в. Завоссе
10.00-17.00, выхадныя – панядзелак, аўторак
Касцёл Святой Троіцы ў вёсцы Ішкалдзь
Троіцкі касцёл у Ішкалдзі – самы старажытны з каталіцкіх храмаў Беларусі, які ні разу не быў сур'ёзна разбураны і перабудаваны. Паводле падання, яго заклаў у 1449 годзе ўладальнік маёнтка Мікалай Неміровіч у знак удзячнасці Усявышняму за доўгачаканага наследніка. Узведзены ў стылі позняй готыкі, будынак толькі крыху нагадвае еўрапейскія і беларускія помнікі гэтага напрамку. У адрозненне ад знакамітых храмаў у Гервятах або Відзах, касцёл у Ішкалдзі стаў узорам чыстай беларускай готыкі, што злучыў рысы культавага і абарончага збудаванняў. Гэта адзіны беларускі касцёл, які поўнасцю захаваў у інтэр'еры гатычныя нервюрныя скляпенні.
Брэсцкая вобласць, Баранавіцкі раён, в. Ішкалдзь
Музей імя А.В. Суворава ў Кобрыне
Старадаўні асабняк у цэнтры Кобрына вось ужо некалькі стагоддзяў называюць "домам Суворава". У 1795 годзе імператрыца Кацярына II падаравала вялікаму палкаводцу Аляксандру Васілевічу Сувораву, які атрымаў больш за 60 ваенных перамог і не ведаў ніводнага паражэння, маёнтак Кобрынскі Ключ недалёка ад Брэста. У сядзібе знакаміты военачальнік жыў у 1797 і 1800 гадах: любіў гуляць па алеях парку і плаваць у мясцовай сажалцы, хадзіў на богаслужэнні ў Свята-Петрапаўлаўскую царкву і нават спяваў на клірасе ў хоры. У ліпені 1946 года ў былым маёнтку быў заснаваны Кобрынскі ваенна-гістарычны музей імя А.В. Суворава. Яго ўнікальны збор – 20 калекцый, якія аб'ядноўваюць звыш 50 тысяч экспанатаў – прысвечаны жыццю і службе Суворава, у цэлым ваеннай гісторыі краіны (асобны будынак). Тут можна ўбачыць старадаўнюю зброю, абмундзіраванне воінаў розных эпох, прадметы мастацтва... Каля ўвахода ў музей устаноўлены бронзавы бюст Аляксандра Суворава зроблены скульптарам П. Кюферле.
Імя А.В. Суворава носіць і кобрынскі парк - адзін з самых старых і прыгожых у Беларусі. Ён быў закладзены ў 1768 годзе па распараджэнні падскарбія ВКЛ Антонія Тызенгаўза. Каля сажалкі, дзе ў халодныя дні красавіка плаваў 67-гадовы генералісімус, захаваўся гістарычны валун з надпісам "На гэтым камені любіў адпачываць палкаводзец Сувораў".
Брэсцкая вобласць, г. Кобрын, вул. Суворава, 14
Музей Фёдара Дастаеўскага / Радавая сядзіба Дастаеўскіх
На беларускім Палессі пачалася гісторыя роду, які падарыў свету вялікага пісьменніка XIX стагоддзя Фёдара Міхайлавіча Дастаеўскага. У 1506 годзе баярын Даніла Рцішчаў атрымаў ад пінскага князя грамату на тутэйшыя землі і пабудаваў сядзібу ў вёсцы Дастоева паміж рэкамі Пінай і Ясельдай. Першы сын гаспадара меў падвойнае прозвішча Рцішчаў-Дастаеўскі, а ўжо наступныя пакаленні сталі Дастаеўскімі. Праз стагоддзі нашчадкі пераехалі на Валынь, пасля ў Маскву, дзе і нарадзіўся будучы класік. У 2012 годзе вучоныя выявілі ў Дастоеве арыгінальныя жылыя пабудовы XVI – XVIII стагоддзяў, рэшткі печаў, серабро, кераміку, кулі і фрагменты фамільнага герба Дастаеўскіх "Радван". І сёння тут аднаўляецца радавая сядзіба.
У Дастоеве дзейнічае музей Фёдара Дастаеўскага, дзе сабрана больш як 3 тысячы экспанатаў: дыярама маёнтка і сямейнае дрэва Дастаеўскіх, фотакопіі ўнікальных дакументаў аб жыцці і творчасці Фёдара Міхайлавіча, выдадзеныя на розных мовах кнігі… Музей Дастаеўскага на Палессі ўваходзіць у турыстычны маршрут "Янаўскае кальцо".
Брэсцкая вобласць, Іванаўскі раён, в. Дастоева
Музей Напалеона Орды ў Варацэвічах
Напалеон Орда – сапраўды ўнікальная асоба ў гісторыі беларускай і еўрапейскай культуры. Таленавіты музыкант, кампазітар, педагог, вучоны, а галоўнае, цудоўны мастак – майстар замалёвак архітэктурных помнікаў, гарадскіх і сельскіх пейзажаў, родных мясцін вядомых людзей, сярод якіх Тадэвуш Касцюшка, Адам Міцкевіч, Станіслаў Манюшка... Больш за 1150 акварэлей і графік, створаных у 1840-1880 гадах, амаль з фатаграфічнай дакладнасцю захавалі аблічча славутых мясцін Беларусі, Украіны, Літвы, Польшчы, Францыі, Германіі, Іспаніі, Партугаліі. З асаблівай увагай майстар маляваў старадаўнія замкі і палацы, і сёння творы Напалеона Орды даюць магчымасць рэстаўратарам у розных кутках Еўропы аднаўляць страчаныя гістарычныя помнікі, вяртаць ім арыгінальны выгляд. Падарожнічаючы па роднай Беларусі, Орда зрабіў каля 200 замалёвак гарадоў і мястэчак, старадаўніх сядзіб і замкаў - у Міры, Нясвіжы, Ружанах, Косаве, Гродне, Навагрудку, Лідзе, Крэве…
На малой радзіме мастака ў вёсцы Варацэвічы створаны музейны комплекс: адкрыты біяграфічная зала і карцінная галерэя, побач – ва ўрочышчы Чырвоны Двор – на старадаўнім фундаменце ўзводзіцца копія радавога маёнтка Напалеона Орды. Па праекце, у распараджэнні гасцей будуць майстэрні старажытных рамёстваў, конны двор, пейзажны парк з альтанкамі і вадаёмам, кафэ і атэль.
Брэсцкая вобласць, Іванаўскі раён, в. Варацэвічы
9.00 – 18.00 (панядзелак – пятніца), 9.00 – 13.00 (субота – нядзеля)